І РАЗАМ З ІМ ПЯЕ ГІТАРА

Да Дня беларускага пісьменства

“Храні, Гасподзь, лясы, палі, дубравы.

Храні людзей, якія тут жывуць,

Мой родны кут с блакітнымі вачамі,

Азёрны край, Радзіму — Беларусь...”

А.Н. Асмалоўскі.

   — Добрай раніцы.

   — Добрай, добрай. Я вас ужо чакаю. 

Аляксандр праводзіць па струнах пальцамі і адкладае гітару ўбок. 

   — Вось, як і прасілі, пашукаў свае фотаздымкі, не ведаю, ці падыдуць такія… 

   Тыя, хто ўважліва сочыць за нашай рубрыкай “Струны души” заўважылі, што апошнім часам у ёй “прапісаліся” вершаваныя радкі Аляксандра Мікалаевіча Асмалоўскага. Мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з ім і даць магчымасць вам, чытачам, паглядзець на пісьменніка-металлурга другімі вачыма.

… Мой субяседнік — прыгожы мужчына з чорнымі вусамі і ледзь кранутымі сівізной валасамі. Погляд крыху сумны, задуменны і разам з тым пазітыўны. Разглядаю здымкі — дзіцячыя, армейскія, сямейныя… Больш за ўсіх — цяперашніх, ветэранскіх. Вось ён акампануе некай спявачцы на святочным мерапрыемстве савета ветэранаў, а тут пяшчотна абдымае гітару, схіліўшы да яе галаву, як быццам прыслухоўваецца да голасу струн, а на некаторых фота ён — сапраўдны цыган: у чырвонай кашулі, высокіх ботах, а ў руках зноў вечная спадарожніца — гітара.

  ? — Аляксандр Мікалаевіч, раскажыце аб сабе…

   — Я нарадзіўся і вырас у Жлобіне, тут, магчыма, і памру, бо няма для мяне лепшай старонкі, чым мая малая Радзіма. 

… Раптам ён змаўкае і бярэ гітару, перабірае струны…

   — Паслухайце і зразумееце хто я і што я. 

Аляксандр спявае. Спявае свае вершы! Цудоуныя, лірычныя, пра матулю, пра белага лебедзя, пра снег, пра каханне… 

   — У вершах ужо прыродай закладзена ціхае гучанне музыкі. Таму я яе адчуваю адначасова з напісаннем тэксту. Мелодыя нараджаецца недзе ў душы, і тады я бяру гітару і проста спяваю.

 ? — Як жа так, з такім талентам, з такім тонкім успрыманнем наваколля і — у металлургі?

   — Акрамя літаратурных схільнасцяў у мяне яшчэ ў школьныя гады з’явіліся неменшыя задаткі да фізікі. Я мог гадзінамі разбіраць схему якога-небудзь прыбора. Амперметры, вальтметры, падключэнні…Гэта ўсё маё! Вось такая зацікаўленасць і прывяла мяне на сцежку тэхнара. На заводзе я працаваў электраманцёрам па рамонту і абслугоўванню сістэм аўтаматыкі ў капровым цэху. Сачыў за праграмным забяспечаннем абсталявання — вапнавых пячэй, нажніц Оберлендэр і інш. Але даволі адказную і поўную ўвагі дзейнасць ужо па дарозе да дому захлісвала паэтычная хваля. 

   І зноў пад пальцамі Аляксандра заплакалі струны: «У Днепра над кручей, на краю обрыва, вырос дуб высокий, вырос дуб красивый…» 

   — Дарэчы, на днях патэлефанаваў былы калега Марушкевіч: ”Дзякуй табе, Аляксандр, за такі цудоўны верш”. Гэта ён пра “Дуб”, што вы надрукавалі на мінулым тыдні. Я нават здзівіўся — меркаваў, што мае вершы чапляюць у большасці жанчын, ды і, прызнацца, мая лірыка адрасавана менавіта ім — прыгожым, добрым, шчырым, клапатлівым. Таму вельмі прыемна стала, што і суровыя мужчыны-металлургі разумеюць і адчуваюць прыгажосць прыроды роднага краю, душэўныя пакуты і яскравыя моманты кахання.

  ? — На адным фотаздымку я заўважыла, што замест гітары ў Вас у руках тэнісная ракетка. Ёсць месца ў жыцці і спорту?

   — А як жа ж. Спорт — гэта жыццё. Я гуляў і ў футбол, і ў валейбол, зараз аддаю перавагу настольнаму тэнісу. У завадскіх спаборніцтвах па апошняму займаў першыя месцы ў сваёй узроставай групе. 

 ? — А музычныя схільнасці, валоданне інструментам адкуль?

   — Калі вы маеце наўвазе музычную адукацыю, дык яна — "дваравая". Гледзячы, як старэйшыя хлопцы ў двары брынчаць розная музычныя хіты, збіраюць каля сябе гурты дзяўчат і хлопцаў, загарэўся ідэяй навучыцца іграць на гітары і я. Дапаможнік, пробныя акорды і вялікае жаданне ажыццявілі маю мэту. 

   За гады творчага шляху Аляксандра Асмалоўскага, а ён пачаўся з сёмага класа, вершаў назбіралася вялікае мноства, не адзін зборнік можна было б выдаць. І як прызнаецца сам аўтар літаратурных твораў, ён памятае на памяць усе свае вершы, пачынаючы з самага першага, які нарадзіўся яшчэ ў маленстве. Вядома, яны — яго дзеці. А яшчэ Аляксандр Мікалаевіч піша вершаваныя радкі і складае музыку да розных мерапрыемстваў, якія праходзяць ў савеце ветэранаў БМЗ. Вечары атрымліваюцца душэўныя, цеплыя. 

 ? — А Ваш сын пераймаў у бацькі пісьменніцкі талент?

   — Не. У Мікалая свае схільнасці. Алімпіяднік, у школе вучыўся добра, закончыў БДУІР, атрымаў прафесію лагіста. 

 ?  — Ну, і апошняе пытанне, нават просьба: аблічыце у вершаваныя радкі Вашы ўраджанні аб святочных мерапрыемствах, якія адбудуцца у Рагачове. Цікава, як будзе выглядаць Дзень пісьменства вачыма пісьменніка. 

   — Абяцаць не буду. Цяжка пісаць пад заказ. Але як натхненне з’явіцца — абавязкова прышлю верш у рэдакцыю.

Наталля КАЗЛОВА.

Рубрика: